СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),

нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап. авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.​Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.​Пампанацы, Дж.​Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)